Кнігарні «логвінаЎ» (Незалежнасці 37а) падарылі легендарны пісьмовы стол, за якім Уладзімір Караткевіч напісаў «Каласы пад сярпом тваім» і «Чорны замак Альшанскі». І гэта выдатная нагода для літаратурнага фестывалю!
Цэлы лістапад раз на тыдзень у кнігарні «логвінаЎ» і галерэі «Ў» будуць адбывацца літаратурныя, музычныя і мастацкія імпрэзы, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу, з удзелам паэтаў, спевакоў і мастакоў.
На кожнай імпрэзе фестывалю самых актыўных чакаюць «лятучыя» прэзенты ад кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Расклад імпрэзаў фестывалю «Лятучы стол Караткевіча»
6 лістапада. Кнігарня «логвінаЎ». 19.00. Сакрэты зайцаў-півавараў
Зусім неафіцыйнае, але, тым не менш, дужа ўрачыстае адкрыццё фестывалю «Лятучы стол Караткевіча». Пра свайго Караткевіча раскажуць Адам Глобус, Уладзімір Арлоў, Кася Камоцкая, Анатоль Івашчанка і Антон Рудак. Чакаюцца нечаканыя госці. Вядоўца — Андрэй Хадановіч. Арганізатары — кнігарня «логвінаЎ» і кампанія «Будзьма беларусамі!»
9 лістапада. Кнігарня «логвінаЎ». 14.00. Дзікае маляванне
Другое мерапрыемства фестывалю «Лятучы стол Караткевіча» — прэзентацыя дзіцячага комікса Адама Глобуса «Дзікае паляванне і кароль Стах». Малявальны майстар-клас для дзетак правядзе мастачка Наталля Гарачая. Дзеткі і дарослыя, прыходзьце — будзем маляваць!
12 Лістапада. Галерэя «Ў». 19.00. Скрыпка дрыгвы
На трэцяй імпрэзе фестывалю «Лятучы стол Караткевіча» Зміцер Вайцюшкевіч сыграе свае песні на вершы Караткевіча з альбома «Беларуская песня». Арганізатары — кнігарня «логвінаЎ» і кампанія «Будзьма беларусамі!»
19 лістапада. Кнігарня «логвінаЎ». 19.00. Karatkievič international
Чарговая імпрэза фестывалю «Лятучы стол Караткевічча», прысвечаная перакладам твораў Караткевіча на замежныя мовы. Прэзентацыя польскага перакладу рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» з удзелам перакладчыцы Малгажаты Бухалік. А таксама аповед пра легендарнага нямецкага перакладчыка Норберта Рандаў (1929–2013). Вядоўца — Андрэй Хадановіч.
26 лістапада. Кнігарня «логвінаЎ». 19.00. Быў. Ёсць. Буду.
У дзень народзінаў класіка выдавецтва «Мастацкая літаратура» на заключнай імпрэзе фестывалю «Лятучы стол Караткевіча» прадставіць публіцы першыя чатыры тамы поўнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча. Выступоўцы — Віктар Шніп, Анатоль Верабей, нашчадкі пісьменніка.
Арганізатары — кнігарня «логвінаЎ» і кампанія «Будзьма беларусамі!»